“Камароўка” - былая паўночна-ўсходняя ўскраіна Мінска, размешчаная за Траецкай гарой і Залатой горкай. Цяпер раён пл. Я. Коласа, вуліц В. Харужай, Куйбышава, Я. Коласа, Гікалы. Назва пайшла ад вёскі Камароўкі, якая знаходзілася тут у мінулым.
Да 1812 года вёска належыла князям Радзівілам, якія падчас вайны выступілі на баку французаў. Пасля вайны вёска была секвестравана і набыта Мінскім памешчыкам Станіславам Ваньковічам.
Пазней вёска Камароўка ўвайшла ў межы горада. Прылеглая да яе тэрыторыя ўяўляла сабой забалочаную нізіну, дзе ў 1911 годзе была адкрыта Балотная станцыя - адзін з цэнтраў вывучэння i практычнага выкарыстання балотаў Расіі.У XIX-пачатку ХХ стагоддзя Камароўка была адным з самых заняпалых рабочых ускраін старога Мінска, якую засяляла рамесная бедната.
Дарэчы, з Камароўкай звязана адна малавядомая гістарычная падзея. Тут, на Камароўскім полі (палігоне), якое знаходзілася прыблізна на месцы сучаснага рынку, 24 і 25 мая 1911г. здзяйсняў палёты на аэраплане знакаміты расійскі авіятар Сяргей Ісаевіч Утачкін (1876-1915/16 гг.) - адзін з першых расійскіх лётчыкаў. У 1910-11 гг. ён здзяйсняў публічныя палёты ў многіх гарадах Расіі і за мяжой. Гэта было вялікай падзеяй для горада. Паглядзець на гэты цуд сабраўся ўвесь горад. Людзі беглі на ваенны палігон як на пажар. Набілася столькі народу, што толькі дзякуючы салдатам авіятар і аэраплан не былі раздушаныя.
З 1925 года праводзіліся работы па асушэнні балота. У 1929 г. трамвайная лінія злучыла Камароўку з таварнай станцыяй.
У 1939 г на стыку былых Лагойскага і Барысаўскага трактаў пабудаваны будынак інстытута фізкультуры (арх. А. Воінаў, А.Брэгман). У гады вайны ў гэтым раёне дзейнічала падпольная група.
З сярэдзіны 1950-х гадоў пачалі зносіць старыя драўляныя дамы. Пусцілі тралейбус.
На месцы гістарычнай Камароўкі размешчана плошча Якуба Коласа, якая займае больш за 5 гектараў і з 1956г. носіць назву паэта (раней яна проста называлася Камароўскай). У цэнтры плошчы ў 1972 г усталяваны помнік народнаму паэту.
У 1964 г.быў пабудаваны Дом мэблі, у 1979 г. адкрылі цэнтральны калгасны рынак - Камароўскі.
Афіцыйнае адкрыццё рынку адбылося 20 мая 1980 года ў адпаведнасці з загадам упраўлення гандлю выканкама Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў № 91 ад 14 мая 1980 года.
Самы вялікі крыты рынак у БССР быў распрацаваны аўтарскім калектывам архітэктараў: В. Аладаў, А. Желдаков, В. Крывашэеў, М. Ткачук на аснове праекта Чэлябінскага гандлёвага цэнтра.
Збудаванне такога роду – унікальны твор архітэктуры.
Першы прапанаваны архітэктарамі варыянт не быў зацверджаны. Другі праект рабіла група спецыялістаў пад кіраўніцтвам Вальмена Аладава. Яны прыдумалі цікавую архітэктуру будынка і вырашылі, што будаваць яго трэба па новай тэхналогіі. У той час купалападобныя дахі рабілі з маналітнага бетону: спецыяльную апалубку цалкам залівалі растворам, атрымлівалася вельмі цяжкая канструкцыя.
У 1972 годзе пабудавалі адміністрацыйна-гаспадарчы корпус рынку. А потым – доўгія 8 гадоў чакання. У тую пару не было спецыяльных прыстасаванняў для ўзвядзення даху, не было аснасткі і, вядома, вопыту такіх работ.
Беларускія дойліды вырашылі зрабіць купал з лёгкіх зборных бетонных панэляў, якія мацуюцца асаблівым чынам. 37 канатаў дыяметрам 40 міліметраў сцягваюць па перыметры краю даху. У кожным 124 дротау з высокатрывалай сталі. Разрыўны высілак канату 300 тон. Яны і трымаюць увесь купал. Падобны дах і лягчэй, і танней традыцыйнага. Усе інжынерныя разлікі для праекта выканалі спецыялісты, запрошаныя з Ленінграда. У верхняй кропцы купал узняты над зямлёй на 26 метраў – гэта амаль 10-павярховы дом. У вонкавым аздабленні фасадаў ўжыта каляровае гуммированное пакрыццё, залацістае шкло, паліраваны граніт.
У 1997 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 27.01.1997 № 55 было створана камунальнае Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Мінскі Камароўскі рынак”.
У 2002 годзе на плошчы перад Камароўскім рынкам з'явілася некалькі славутасцяў: цудоўны фантан перад уваходам на сезонны рынак, бронзавыя скульптуры Уладзіміра Жбанава («Конь і верабей», «Дама з сабачкам», «Фатограф») і Алега Купрыянава («Гандлярка семкамі»). А ўжо ў 2019 годзе скульптурную групу ля фантана ўпрыгожыла «Карова».
За высокі ўзровень арганізацыі рыначнага гандлю, стварэнне новых працоўных месцаў працоўны калектыў прадпрыемства ўдастоены Ганаровай узнагароды Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь – “Бронзавы Меркурый”.
За дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні найважнейшых прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь камунальнае Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскі Камароўскі рынак» Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 173 ад 23.04.2003г. занесена на Рэспубліканскую Дошку Гонару.
ТОЛЬКI ЛIЧБЫ